завод

У Светлагорску зноў скардзяцца на смурод ад завода беленай цэлюлозы. Раней праз яго здараліся аварыі і гінулі людзі

02.10.2026 06:00 Завод сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Источник фото

Жыхары Светлагорска 27 верасня скардзіліся на моцны хімічны пах і недамаганне. Раней завод ужо быў крыніцай аварыйных выкідаў.
Читайте BGmedia в:

27 верасня жыхары Светлагорска зноў адчулі моцны хімічны пах, які, паводле мясцовых жыхароў, ішоў з боку завода беленай цэлюлозы.

Чытайце таксама: Жыхары вёскі пад Гомелем зноў скардзяцца на смурод: улады запэўніваюць, што здароўю людзей нічога не пагражае

Людзі скардзіліся не толькі на смурод, але і на недамаганне: некаторым стала дрэнна ад паветра. Пра сітуацыю паведамляе «Гомельская Вясна».

Завод сульфатнай беленай цэлюлозы пачала будаваць кітайская кампанія САМСЕ. Пазней дамову з ёй скасавалі, а працы давялі да канца беларускія будаўнікі.

Яшчэ падчас пробных запускаў у 2018–2019 гадах прадпрыемства стала крыніцай выкідаў у паветра і ваду. Асаблівую ўвагу тады прыцягваў метылмеркаптан — рэчыва з рэзкім характэрным пахам, якое ўтвараецца падчас вытворчасці цэлюлозы.

Светлагорцы пратэставалі яшчэ да запуску завода

Праблемы вакол прадпрыемства пачаліся задоўга да яго паўнавартаснага запуску. Жыхары Светлагорска і вёскі Якімава Слабада, якая знаходзіцца непадалёк ад завода, выступалі супраць яго будаўніцтва.

Калі пачаліся пробныя пускі і ў населеных пунктах сталі адчувацца рэзкія пахі, зваротаў у дзяржаўныя органы стала больш. Грамадзяне патрабавалі праверыць якасць паветра і склад выкідаў. Праводзіліся незалежныя замеры, а інфармацыя пра сітуацыю шырока распаўсюджвалася ў медыях.

У студзені 2020 года завод прыехаў запускаць Аляксандр Лукашэнка. Тады адбылася ўрачыстая цырымонія з націсканнем сімвалічнай кнопкі, але праблемы прадпрыемства на гэтым не скончыліся.

За наступныя гады на заводзе адбываліся аварыі, пажары і іншыя інцыдэнты. Самы трагічны выпадак адбыўся 7 чэрвеня 2023 года: на вытворчасці выбухнула газапаветраная сумесь, у выніку чаго загінулі трое чалавек.

Акрамя буйных аварый, жыхары Светлагорска перыядычна сутыкаюцца і з рэзкімі пахамі, якія распаўсюджваюцца па горадзе.

Раней на сітуацыю маглі ўплываць грамадскія арганізацыі

Раней жыхары і праваабаронцы маглі звяртацца ў дзяржаўныя органы, дамагацца правядзення праверак і незалежных замераў, а таксама прыцягваць увагу да праблемы праз грамадскія кампаніі і медыі.

Цяпер магчымасцяў для такой дзейнасці значна менш. У Беларусі за апошнія гады ліквідавалі або выціснулі з краіны значную частку незалежных грамадскіх арганізацый, у тым ліку тых, якія займаліся экалагічнымі пытаннямі.

Для жыхароў Светлагорска гэта азначае менш магчымасцяў калектыўна дамагацца праверкі выкідаў і патрабаваць ад прадпрыемства або дзяржаўных органаў публічнай рэакцыі.

На фоне ўзмацнення адказнасці за публічныя выказванні людзі таксама асцерагаюцца адкрыта распавядаць пра праблемы. У прыватнасці, праваахоўнікі пагражаюць карыстальнікам сацсетак адказнасцю за публікацыі ў Threads, якія ўлады могуць расцаніць як дыскрэдытацыю дзяржавы.

З-за гэтага жыхары горада ў асноўным распавядаюць пра сітуацыю адзін аднаму. Некаторыя выходзяць на вуліцу ў масках або прыкрываюць нос і рот хусткамі, іншыя стараюцца не адчыняць вокны і заставацца дома.

Падобныя скаргі былі і ў Слуцку

Праблемы з непрыемнымі пахамі ўзнікаюць і ў іншых беларускіх гарадах. Напрыклад, увесну на непрыемны пах звярталі ўвагу жыхары Слуцка.

У раёне вуліцы Барысаўца гараджане адчулі пах, які нагадваў смурод ад смажанага пластыку. На адным з мясцовых Telegram-каналаў з’явіўся фатаздымак з дымам, які ішоў з боку прадпрыемства «Ямпаль-Слуцк», дзе вырабляюць шчацінна-шчотачную прадукцыю. Пра сітуацыю паведамлялі мясцовыя жыхары.

У каментарах случчане па-рознаму адрэагавалі на праблему. Адны пісалі, што з сітуацыяй нічога не зробіш і адказнасць павінна несці кіраўніцтва прадпрыемства. Іншыя адзначалі, што падобны пах каля «Ямпаль-Слуцка» заўважылі ўпершыню і што ў Слуцку ёсць іншыя раёны, дзе непрыемныя пахі ўзнікаюць рэгулярна.

завод вылучае дым з трубаў
Завод «Ямпаль-Слуцк» вылучае шмат дыму, фота мясцовых жыхароў

Пры гэтым у сакавіку гэтага года Слуцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зафіксавала экалагічныя парушэнні на шэрагу прадпрыемстваў Слуцка і раёна.

Адной з найбольш распаўсюджаных праблем назвалі неналежнае абыходжанне з адходамі. У некаторых выпадках іх захоўвалі па-за спецыяльна абсталяванымі пляцоўкамі, не вялі належны ўлік утварэння і назапашвання адходаў, а таксама парушалі іншыя патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства. Кіраўнікам арганізацый выдалі прадпісанні ліквідаваць выяўленыя парушэнні. Пра гэта інспекцыя паведамляла ў сацсетках.

У выпадку і Светлагорска, і Слуцка мясцовыя ўлады не давалі публічнай ацэнкі апошніх выпадкаў з непрыемнымі пахамі.

Апошні раз улады каментавалі сітуацыю ў Светлагорску ў 2018: тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Крамашчыкаў заявіў, што выкіды ад Светлагорскага ЦКК не таксічныя, а проста маюць вельмі непрыемны пах: «Прычына крыецца ў тым, што абсталяванне завода працуе ў пробным рэжыме, таму людзям застаецца толькі цярпець». Таксама ён дадаваў, што за сітуацыяй сочаць Камітэт прыродных рэсурсаў і гігіеністы. Аднак, нягледзячы на гэта, пытанні да паху з прадпреымства нанова ўзніклі праз 8 год.

Чытайце таксама: «Да чыноўнікаў пах не даходзіць». Пад Кобрынам людзі пакутуюць ад смуроду

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: